Я тут жыву (працяг)
Займальныя вандроўкі па Беларусі
Беларуская чыгунка —
чароўная павуціна рэйкавых дарог.
Сёння цягніком можна заехаць
у гарады, вялікія і слынныя,
у вёскі, старажытныя і новыя.
А па Мінску і яго наваколлі
пракладзена Дзіцячая чыгунка —
яе абслугоўваюць самі дзеці.
Тук-тук-тук — спяваюць вагоны.
Ту-ту — прывячаюць гудкамі цягнікі.
Быццам кожны з іх рапартуе:
“Я вам, беларусы, служу!
Я з вернымі дружу!”
Цікаўныя вандроўнікі па чыгунцы
могуць пабываць ва ўсіх
абласных, раённых гарадах.
Жалезныя рэйкі прывядуць вас
у таямнічыя мясціны Беларусі
з лірычнымі, загадкавымі назвамі —
Бярозкі, Лісічкі, Княгінін,
Парэчча, Дубравы, Барсукі,
Мышанка, Прудок, Залессе…
Нашы чыгуначнікі ведаюць дарогі
ў Маскву, Берлін, Варшаву.
Хочаце — завязуць і ў Кітай,
толькі грошы за дарогу дай.
Па жалезнай дарозе
жалезныя коні
з асалодай вымяраюць
беларускія лясы і гоні.
Вандроўкі па чыгунцы
Па зямных прасторах Беларусі пракладзена пяць з паловай тысяч кіламетраў металічных рэйкавых дарог. Яны звязваюць паміж сабой звыш двух тысяч паселішчаў — гарадоў, пасёлкаў, вёсак, паўстанкаў. Па гэтым хуткасным шляху мчаць грузавыя, пасажырскія саставы. Для іх беларусы збудавалі тысячу дзевяцьсот мастоў, тысячу васямсот пераездаў.
Хай жа вам, сябры, шчасліва, радасна, з карысцю вандруецца па чыгуначных дарогах Беларусі. Пастаўце перад сабой мэту: пабываць за сваё жыццё ва ўсіх мясцінах нашай Айчыны, дзе прыпыняюцца цягнікі.
Дамашнія заданні:
- Напішыце ў “Вясёлку”, куды вас летам вазіў цягнік? Што новага адкрылі для сябе?
- Калі ўпершыню з’явілася чыгунка па Беларусі? Якімі былі першыя станцыі, цягнікі?
- Чаму ў вайну народныя мсціўцы знарок нішчылі рэйкі, масты, падрывалі варожыя саставы?
- У нашай краіне майструюць сучасныя, хуткасныя электрычкі. Дзе гэта адбываецца?